ЦЯЛЕ́СНЫЯ ПАКАРА́ННІ у антычным і сярэдневяковым праве мера крымін. пакарання, якая заключалася ў прычыненні асуджанаму фіз. пакут. Падзяляліся на членашкодніцкія (адразанне языка, вуха, вырыванне ноздраў, адсячэнне канечнасцей); балючыя (лупцаванне бізунамі, палкамі, дубцамі); ганьбячыя (выстаўленне каля ганебнага слупа, кляйменне) і інш. Выкарыстоўваліся таксама ў судаводстве Расіі і ВКЛ, асабліва для злачынцаў з ніжэйшых і сярэдніх слаёў насельніцтва (дваранства і шляхта Ц.п. не падлягалі). У шэрагу краін існавалі да 20 ст. У Расіі часткова адменены ў 1863, канчаткова — у 1904.

Г.​А.​Маслыка.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)